ПАЛЕАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), палеацэн (ад палеа... + грэч. kainos новы),

ніжні аддзел палеагенавай сістэмы (перыяду) агульнай стратыграфічнай шкалы, які па часе адпавядае палеацэнавай эпосе геал. гісторыі Зямлі (гл. Геахраналогія). Перакрываецца адкладамі эацэнавага аддзела (эпохі) і падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду). Вылучаны ням. палеабатанікам В.​Шымперам у 1874. Падзяляецца на ніжні і верхні пададдзелы. На тэр. Беларусі выяўлены адклады верхняга пададдзела, да якіх паводле спорава-пылковага аналізу С.​С.​Маныкін у 1973 аднёс сумскую світу.

З палеацэнавага часу на Пд Беларусі пачаўся шэраг палеагенавых трансгрэсій. У палеацэне марскі заліў лагунападобнага выгляду пранік на тэр. Беларусі з боку Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Апусканне тэрыторыі было нязначным, а суша вакол марскога заліва слабапрыўзнятая, парослая ў прыбярэжнай частцы пышнай расліннасцю (пальмы, магноліі, лаўры, дубы і інш.). У час расшырэння трансгрэсіі і паглыблення цэнтр. ч. мора на крайнім ПдУ Беларусі намнажаліся пясчаныя пароды зеленавата-шэрыя, розназярністыя, кварцавыя, з рэдкімі зернямі глаўканіту, у тоўшчы якіх трапляюцца пясчанікі таго ж складу з халцэдонавым цэментам. Пры абмяленні мора намнажаліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты, пясчаністыя апокі і інш. Мяркуюць, што ў канцы палеацэну мора пакінула тэр. Беларусі. Яго асадкі падвергліся нязначнаму размыву. Магутнасць адкладаў палеацэну на Беларусі 15—20 м, макс. да 41 м. На правым беразе р. Сож на Пн ад г. Ветка Гомельскай вобл. палеацэнавыя адклады выходзяць на паверхню. З адкладамі палеацэну звязаны карысныя выкапні: шкловыя (кварцавыя) пяскі, апокі (у буд-ве як цеплаізалятар, чыстыя гатункі — моцныя адсарбенты).

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973;

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

А.​Ф.​Бурлак.

т. 18, кн. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)